РУС БЕЛ ENG

Памятник жертвам фашизма погибшим в годы Великой отечественной воины в аг.Кемелишки (еврейское захоронение)

Стаяў кастрычнік 1942 года. 3 боку Быстрыцы, дзе быў паром на Віліі, ехалі дзве нямецкія машыны. За тымі крытымі машынамі з'явіліся дзве падводы з салдатамі. Салдаты загналі ўсіх жыхароў у дамы і прыказалі на працягу трох гадзін не высоўваць нос на вуліцу. Карную аперацыю ўзначальваў гебельт-камісар Вільнюса Вульф.

Пад Вялікімі Свіранкамі салдаты капалі глыбокі роў. Гета было акружана салдатамі, гатовымі страляць у любы момант. Яма знаходзілася за кіламетр ад вёскі. Усіх яўрэяў пастроілі ў калону па чатыры чалавекі і павялі ў суправаджэнні паліцаяў. Сказалі, што павядуць у Быстрыцу. Мужчынам папярэдне звязалі рукі. Калі людзі ўбачылі роў, то дзіка закрычалі. Стаяў невыцерпны, пранізлівы крык . Паўсюль гучала музыка. Людзі спрабавалі ўцякаць, але іх тут жа насцігалі кулі. Выратавацца нікому не ўдалося. На вачах ва ўсіх расстрэльвалі адну шарэнгу за другой. Параненыя і забітыя падалі адзін на аднаго. Спачатку даносіліся аўтаматныя чэргі, а пасля адзінкавыя стрэлы. Жанчыны зашывалі залатнікі ў ніжнюю бялізну. Адзін з жыдоў распароў адзенне на жонцы і высыпаў манеты на трупы. Ніхто з паліцыянтаў не адважыўся іх сабраць. Юдаль быў здаровым мужчынам. Схапіў салдата і ўкінуў у яму. Тут жа быў застрэлены.

Па дарозе рухалася калона машын. На іх везлі маладых дзяўчат з Палян. Салдаты стаялі з таго боку, дзе расстрэльвалі. Яны нешта расказвалі дзяўчатам. Тыя моцна смяяліся. Ім і ў галаву не прыходзіла, што іх вязуць на смерць.Гэтыя дзяўчаты былі расстраляны апошнімі, а да гэтага ім загадалі збіраць адзенне і складваць у кучу.

Ракоўскаму на той час было 6 гадоў. Праз акенца на гарышчы ён назіраў за растрэлам. Было добра бачна поле, па якому беглі людзі, пасля чуліся адзіночныя выстралы. Людзі падалі, а затым некалькі дзён ляжалі на полі. Ніхто не адважыўся падыходзіць.

Леакадзія Баляславаўна  жыла ў суседняй вёсцы. Памятае, што ў той дзень мялі лён. Добра былі чутны кулямётныя чэргі і лямант. Падрабязней пра расстрэл расказала яе свякроўка, якая жыла непадалёку. Ноччу пачула,як нехта стукаецца ў вакно. Гэта быў Ошаранька. Сказаў, што вельмі ў той момант баяўся смерці, залез пад печ і там прасядзеў увесь час. Чуў, як збіралася жонка, як плакалі дзеці, але нічога з сабой зрабіць не мог, нібы здранцвеў. Схавалі яго на печы пад лахманамі, пасля залез у склеп, а далей сядзеў на Загарышках у яме, дзе на зіму захоўвалі бульбу. Хата стаяла наводшыбе, таму нікому ў галаву не прыйшло, што там могуць хавацца яўрэі.

Ніхто не адважыўся выходзіць з дому нават пасля таго, як карнікі пакінулі вёску. Стаяла жудасная цішыня. Яшчэ некалькі дзён дыхала зямля на магіле, але падыходзіць да месца здарэння было небяспечна. Толькі праз некалькі дзён мясцовыя жыхары змаглі пахаваць тых, хто ляжаў на полі.

Дакладную колькасць загінуўшых назваць цяжка. Лічба вагаецца ад 360 да 420 чалавек. Хоць , магчыма, і гэта далёка не дакладныя звесткі.

У 1945 годзе савецкімі ўладамі было праведзена ўскрыццё магілы. Вось вытрымкі з акта надзвычайнай камісіі па расследаванню злачынстваў, здзейсненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі: “ 28 сакавіка 1945 года праведзена ўскрыццё магілы растраляных мірных грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці, якія ўтрымліваліся ў гета ў в.Кемелішкі.

Даўжыня магілы 20 метраў, вышыня - 4 метры, глыбіня - каля 3 метраў. Пры раскопцы на глыбіні 1 метра выяўлены трупы людзей, якія ляжаць ушчыльную адзін да аднаго па ўсёй даўжыні магілы. Усяго ў верхнім радзе знаходзяцца каля 50 трупаў мужчын, жанчын і дзяцей рознага ўзросту. Усе трупы верхняга рада ў большасці сваёй раздзеты да ніжняй бялізны.

Забойства людзей адбывалася выстраламі ў галаву разрыўнымі кулямі, аб гэтым сведчыць раздрабленне чэрапаў”.

 

 

 

 

 

ЛЁС ЯЎРЭЯЎ ПАСЛЯ ВАЙНЫ

Нямногім удалося выжыць . Частка людзей хавалася ў зямлянках у лесе, а аднавяскоўцы прыносілі ім ежу і адзенне.  Мясцовыя жыхары хавалі сваіх суседзяў пад страхам смерці, таму што ўсю сям’ю чакала смерць, калі б хто-небудзь выдаў. Ракоўскі згадвае прозвішчы тых, каму ўдалося выратавацца. Гэта – Хаім Градзенскі, які разам з дачкой і жонкай прыняў каталіцтва і выехаў спачатку ў Польшчу, а затым у Ізраіль. Жывымі засталіся Сілка Гарбаровіч, Мешка, Абрамка Вайнштэйн, Бромберг. Немцы рабілі аблавы, але ім удалося ўцячы.

Сінагогу знеслі паліцаі, каб не было і следу. Не захаваўся нават падмурак.

Зараз на месцы жудаснай трагедыі ўстаноўлены мармуровы помнік. Сюды прыязджаюць нашчадкі тых, каму ўдалося застацца ў жывых. Большасць з іх жыве ў Кеніі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. На жаль, іх унукі і праўнукі не размаўляюць на мове сваіх продкаў. Мабыць, страх у падсвядомасці не дае магчымасці адчуць сябе свабоднай нацыяй.

Успаміны верадзяць памяць. У галаве захаваліся толькі ўрыўкі. Але і іх хапае, каб не забыцца. Помнік устаноўлены на ўласныя сродкі Шмуэля Керэна. Ён прыгадвае, што ў суседняй вёсцы за пяць кіламетраў выратавалася яго сястра Фрыда. Яна жыла ў звычайнай сям'і. Дзяўчынцы ўдалося выжыць дзякуючы таму, што ў яе былі светлыя валасы, а гаспадарскія дзеці былі русымі. Выхоўвала дзяцей пажылая бабуля. Яе сын загінуў на фронце, нявестка памерла, а яна, рызыкуючы сваім уласным жыццём і жыццём сваіх унукаў, прыюціла яўрэйскую дзяўчынку. Мудрая жанчына прымусіла дзяўчо есці сала, навучыла каталіцкім малітвам. Гэта і ратавала яе ад смерці. Хоць аднойчы ўся сям'я магла быць расстраляна. Паліцаі рабілі аблаву сярод ночы. Дзяўчынка спрасоння прабарматала нешта па-яўрэйску, але бабуля сказала, што дзяўчынка працяглы час працавала ў яўрэйскай сям'і, таму ідыш ведае лепш, чым польскую мову. У пацверджанне яна яшчэ і памалілася па-польску. Гэтага хапіла, каб адвесці бяду.

Мясцовыя жыхары з жахам успамінаюць той жудасны дзень. Да сённяшняга дня ў вушах стаіць той прарэзлівы енк, які разносіўся на ўсё наваколле. Не верылася, што яшчэ нядаўна сядзелі за адной партай, разам гулялі ў гульні, бегалі па двары.

Але найбольш уражанняў пакінула сустрэча са Шмуэлем Керэнам-Кролем. Жыццё настолькі змяніла лёс гэтага чалавека, што ён нават змяніў сваё ўласнае прозвішча. Спадар Керэн успамінае: “ Я прыехаў сюды ў чэрвені 1992-га. Вярнуўся ў Літву і Беларусь праз сорак шэсць гадоў пасля таго, як іх пакінуў. Вярнуўся, каб нарэшце вырашыцца паглядзець у твар жудаснай праўдзе. Хоць так да канца і не ведаў, ці хопіць у мяне на гэта сіл.

…Вось і здарылася гэтая першая наша сустрэча. Якой я так чакаў і так баяўся. Сустрэча з забітай сям’ёй.

Кавалак зямлі, густа зарослы травой і пустазеллем і агароджаны штыкетнікам. Пліта, на якой напісана, што 16 кастрычніка 1942 года на гэтым месцы былі забіты 350 мірных грамадзян—маленькі помнік у камуністычным стылі, на якім нават не было пазначана, што тут закатаваныя выключна габрэі. Для іншых—проста сумнае месца. А мяне—нібы маланкай ударыла. Час спыніўся, рэчаіснасць разляцелася на дробныя аскепкі. Застаўся я і яны—мае любыя. Тысячы разоў, як ні стараўся пра гэта не думаць, маё ўяўленне малявала карціну іх гібелі, да канца ў якую я так ніколі і не паверыў. А тут… я амаль увачавідкі ўбачыў апошнія хвіліны маіх брацікаў і сястрычак. Як плача, спалохаўшыся грубых крыкаў, наш самы маленькі. Як тата ў апошняй спробе абараніць стараецца прытуліць да сябе іх усіх, і даўжыні яго рук на ўсіх не хапае…

Сэрца сціснулі абцугі адчайнага болю, я не мог зрабіць ні кроку, быў не ў стане падняць руку. Я паміраў разам з імі…” [1, с.145 - 147]

…У 1993 годзе паставілі новы помнік, на якім напісана: “ Памятайце, што вашы ворагі зрабілі з вамі. На гэтым месцы 500 габрэяў-ахвяр з Кямелішскага гета былі забітыя немцамі і іх паслугачамі 24.10.1942. Ды будуць праклятыя забойцы”

У ходзе даследавання мы сутыкнуліся з разыходжаннем у даце карнай аперацыі. Кніга “Памяць” узгадвае пра трагедыю ў Кемелішках 24.10.1943 года. Ганна Чакур у “Астравецкай праўдзе” называе 20.10.1942 года. На старым помніку было датавана 16.10.1942 года. Дык якая ж дата сапраўдная? Са слоў мясцовых жыхароў было ўстаноўлена, што менавіта тая, якая выбіта на сучасным помніку.

З тае пары кожны год, пераадольваючы адлегласць у тысячу кіламетраў, Мулік (як яго звалі ў дзяцінстве) прыязджае на радзіму, да родных магіл. Лёс жорстка абышоўся з ім. Выратаваўся ён разам з маці, але даводзілася хавацца па лясах, і ўжо ў чэрвені 1944 года яе забілі польскія  бандыты. Шмат выпрабаванняў выпала на долю гэтага хлопчыка, магчыма, таму ён і зараз не давярае людзям і жыве сваім адзіным жыццём, да канца не ўсвядоміўшы яго каштоўнасць, з пачуццём віны, што адзін застаўся жыць…

А вось пісьменнік Васіль Гроссман з болем казаў: “ Гэта—стрыманне дрэва жыцця, гэта—гібель каранёў, а не толькі галін і лістоў. Гэта—забойства душы і цела народа… Гэта вынішчэнне нацыі”.

Чалавеку не дадзена ведаць, што будзе заўтра, але ад чалавека ў многім залежыць, якім яно будзе. Памяць пра будучыню -- самая мудрая памяць чалавека.

Выбар вызначае сутнасць чалавека, яго мудрасць ці неабыякавасць, невідушчасць, духоўнасць, бездухоўнасць. Зроблены чалавекам выбар - цана яму, яго мудрасці і жыццястойкасці.

Выратавальнікаў называюць праведнікамі. Літасцівыя і чыстыя сэрцам, яны здольны накарміць галоднага, напаіць сасмяглага, апрануць раздзетага, суцешыць зняверанага, прытуліць бяздомнага. Чалавек не павінен умешвацца ў асабістыя справы іншых, але ён не павінен быць абыякавым да людской бяды.

Чалавечнасць—гэта дарога, якая вядзе да Храма. Чалавечнасць—гэта і ёсць Храм, збудаваны ў кожнай спагадлівай і чулай душы.

свернуть